Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXII. МАКС

2020 2020-06-09T11:35:11+0300 2020-06-09T13:34:53+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/daroga_u_turme.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аднойчы дзяжурны катнралёр адчыніў дзьверы, і ў “хату” зайшоў малады хлопец. Клікалі яго Максім. Пасяліўся на “шконцы” над Валодзем. Пераехаў з “хаты” на нашым паверсе, дзе сядзела больш за дваццаць чалавек. Нары там трохпавярховыя, і ўсё роўна на ўсіх месцаў не хапае: сьпяць па чарзе на некаторых нарах – хто ўдзень, а хто ўначы. Расапавядаў, як за пару дзён перад ягоным пераездам з “пальмы” ноччу зваліўся нейкі бедалага на бетонны дол, зламаў сьцягно. Крычаў дзікім голасам, пакуль абслуга з камеры ня вынесьла. Мы чулі гэты енк, усё гадалі, што ж там зрабілася. Таксама ў той хаце, распавядаў Максім, у аднаго з зэкаў знайшлі “турэмную хваробу” – каросту. Ляжаў, чухаўся, як парсюк, пакуль суседзі не прымусілі паказаць рукі, растапырыць пальцы. Там – чырвоная высыпка, забралі на бальнічку.

 На кісьці над вялікім пальцам у Макса татуіроўка: КЛЕН.

– Што азначае? – пытаюся.

– Клянусь Любіць Ее Навек, – адказвае ганарліва.

– За што патрапіў? – нясьпешна распытваецца Валодзя.

Макс распавядае. Яму дзевятнаццаць, сам з Курасоўшчыны. Ноччу ўжо, пілі піва з кампаніяй гэткіх жа падлеткаў. Непадалёк нехта пабіў падпітага мужыка. Той выклікаў міліцыю. Прыехалі, тых, хто біў не знайшлі, пачалі “часаць” суседнія двары, выпаралі іхнюю кампанію. На апазнаньні пацярпелы паказаў на яго. Іншых хлопцаў адпусьцілі, а ён сядзіць ужо восем месяцаў у СІЗА. Кажа, што і блізка да гэтага мужыка не падыходзіў, іншыя ягоныя дваровыя сябручкі сьведчаць пра гэта ж, але – не адпускаюць. Ужо месяцы чатыры сьледчы ўвогуле яго не выклікаў.

– А адвакат ў цябе ёсьць? – пытаецца Паўлавіч.

– Нас у маці двое, – адказвае Макс, – сястра яшчэ ў школу ходзіць, грошай на адваката няма.

Паўлавіч скрушна ўздыхае.

– Хата ў вас рабочая? – пытаецца Макс. – Каней ганяеце? Дарогі да суседзяў прабітыя?

Мы сьмяемся.

– Хата ў нас нерабочая, – тлумачыць Валодзя, – зьлева за сьцяной лесьвічны пралёт, справа – капцёрка. Зьнізу – бальнічка, лавіцца няма з кім. Нам і так добра, і так усё ведаем – за што і пра што.

Макс расчаравана ўздыхае. У ранейшай “хаце” ён днём спаў, а ноччу быў за “канагона”, нават да жаночай “хаты” ў іншым будынку “дастрэльваўся”.

daroga_u_turme.jpg
"Дарога" у турме

Сьмяецца:

– Мы коней ганяем, а дзяжурны па зьмене ўзімку просьціну накіне, ляжыць у сьнезе, у цемры, затаіцца. Як дарогу ўбачыць, багром яе зрывае.

– Пераб’ешся, – падводзіць выснову Валодзя. – Разумнікі, малявы падзельнікам панапісваюць, оперы потым іх пазабіраюць – і ў дзелюгу, гатовыя сьведчанні і рэчдокі!

Тым ня меньш па начох у іншых камерах чуецца глухі стук па “шконках” – тук-тук, з перапынкам, потым ізноў. Сігналы, “хаты” наладжваюць паміж сабой “дарогі”.

– А ідэалогія якая ў вас? – працягвае распытвацца Макс.

Зараз ужо Валодзя ўздыхае:

– Ты па паняцьцях зьбіраешся жыць?

– Так, – паважна адказвае Макс.

– Давай, брадзяга, – жорстка каментуе Валодзя, – да старасьці не дажывеш. Паматляешся па турмах гадкоў з дзесяць, тубік падхопіш, згніеш з сярэдзіны, складуць акт і паедзеш з калоніі на волю з біркай на назе, на вялікім пальцы.

Макс замаўкае, задумваецца і болей размоваў пра паняцьці не заводзіць. З далейшых гутарак высьвятляецца, што ён любіць маці, любіць сястру, дапамагаў ім чым мог. Вучыўся да арышту ў коледжы, а зараз вучоба падвісла. Разважае: калі б выпусьцілі, аднавіўся бы ў коледжы, далей вучыўся бы. Прыехаў да нас у камеру голы, як калгасьнік пасьля калектывізацыі, але ніхто яго за гэта не папракае, корміцца з абшчаку нароўні з намі, ежы хапае. Тут яму лепей, чым у былой хаце.

Нам хочацца мець у сваім рацыёне паболей зеляніны: сьвежай капусты, салаты, пер’я цыбулі, кропу, буракоў. Я прашу Натальлю, каб перадала на Макса перадачку. Ён сваю норму ў дзьве перадачы на месяц не выбірае, маці ня ў стане арганізаваць: перадала адзін раз тры батоны ў перадачы. Перадачка ад Натальлі прыходзіць, гародніна-садавіна, і мы робім шыкоўныя баршчы і салату. Андрэй навучыў, называем яе “салатка-эксклюзіў”: націраем на пластмасавую тарку яблыкі, рэдзьку, моркву, перамешваем зь медам, раскладаем па місках – райская асалода атрымліваецца, жывем!

Калі выходзім на выгул, Паўлавіч стаіць у баку, каля сьцяны, паліць, мы ж з Максам наразаем туды-сюды. Я распавядаю яму:

– Уяві, Макс, выходзім па Валадарскага на прашпект і ідзем налева, у бок ГУМа, а затым Цэнтральнага, перасякаем Кастрычніцкую, ідзем паўз Палац прафсаюзаў, затым Купалаўскі сквер і мост праз Сьвіслач, а там – насупраць мой дом!

У іншы дзень у нас іншы маршрут па Менску. Максу падабаецца так хадзіць, ён задаволена сьмяецца, кожны раз пытаецца: “А куды зараз ідзем?”

Паўлавіч, які днямі піша свае скаргі ў розныя інстанцыі, неяк паклікаў Макса зь верхняй “шконкі”, дзе той “давіў” матрац і днём і ноччу, за “абшчак”, пасадзіў каля сябе і пачаў распытвацца “за дзелюгу”. Распытаўся і напісаў яму за дзень скаргу пра тое, што сьведкі гавораць зусім іншае ад “цярпілы”, сьледчыя дзеяньні не праводзяцца, тэрміны замаруджваюцца, ніякіх іншых доказаў па справе няма, што “цярпіла” быў п’яны і на апазнаньні мог наблытаць. Макс распісаўся і далей палез спаць.

Мы працягвалі жыць сваім разьмераным жыцьцём яшчэ тыдні два. Затым, нечакана, як заўсёды, выклікалі Макса з рэчамі і перакінулі праз дзесяць хвілінаў у ягоную былую “хату”. А яшчэ праз тыдзень перадалі нам, што пайшоў ён на волю.

– Ну, Паўлавіч, – захоплена сказаў я падчас нашай праходкі, – выратаваў ты душу. Ні за што ж дзевяць месяцаў хлопец адсядзеў, а маглі яшчэ і на пару гадкоў у калонію закатаць. Плюс табе ў карму!

Паўлавіч толькі пасьміхаецца ў вусы.

Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXI. АНДРЭЙ

Андрэй Шамбярэцкі быў адзіным з камеры, хто размаўляў са мной па-беларуску. Маёр-сувязіст, родам з Мазыра, ён служыў у Бабруйску ў аэрадромнай частцы і камандаваў будаўнічым атрадам.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства