viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XVIII. СКАНДАЛ

2020 2020-05-12T11:54:18+0300 2020-05-12T11:54:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salidarnast_z_bialiackim.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

А ў гэты час за тоўстымі мурамі Валадаркі кіпелі вострыя жарсьці. Пытаньне перадачы маіх банкаўскіх дадзеных беларускім уладам у Польшчы і Літве абмяркоўвалася на высокім узроўні. Прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс выказаўся наступным чынам:

Даводзіцца шкадаваць аб такім непаразуменьні і выбачыцца перад Бяляцкім і яго сямейнікамі”.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ вытлумачылася перад журналістамі:

Створаная ва ўрадзе рабочая група павінна даць ацэнку і забясьпечыць, каб такія падзеі ў будучыні не паўтарыліся”.

Парламент Літвы запатрабаваў ад МЗС і Міністэрства юстыцыі правесьці разсьледваньне. Сьпікер Сэйма Літвы Ірэна Дзягуцене з гэтай нагоды заявіла:

“Сорамна за нашу краіну, што з-за нядбайнасьці, няведаньня, няўважлівасьці, ня ведаю, што яшчэ можна было б пералічыць, зроблена недаравальная памылка… Калі б гэтыя людзі знаходзіліся ў маім падпарадкаваньні, яны б дакладна не працавалі”.

Аказалася, што Міністэрства юстыцыі Літвы перадала яшчэ інфармацыю і пра літоўскі рахунак намесьніка старшыні “Вясны” Валянціна Стэфановіча. Яго прамацвалі гэтак жа ж старанна, як і мяне. Але “вясноўскіх” грошай на ягоным рахунку для ўзбуджэньня крымінальнай справы не хапала, і была распачатая адміністратыўка. Суд Партызанскага раёну 12 жніўня, праз тыдзень пасьля майго арышту, вынес вызначэньне аб спагнаньні з Валянціна нясплачаных падаткаў і штрафа. Беларускае Міністэрства падаткаў запрошвала інфармацыю яшчэ пра некалькі чалавек зь “Вясны”, але яны нічога не атрымалі. Відавочна, што ўлады такім чынам хацелі разбурыць працу нашай арганізацыі, якая рэзала ім вочы.

У выніку, праз два тыдні пасьля майго арышту, кіраўніца Дэпартамэнту міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Літвы была звольненая з пасады.

Ня меншы скандал з гэтай нагоды ўсчаўся ў Польшчы. МЗС Польшчы заявіў:

Беларускія ўлады знайшлі магчымасьць скарыстаць сыстэму міжнародных працэдур і дамоваў аб фінансавых трансакцыях, закліканую спрыяць кантролю над тэрарызмам і злачыннасьцю, для атрыманьня інфармацыі, якую яны затым выкарысталі для рэпрэсій у дачыненьні да ўласных грамадзянаў”.

Міністр замежных спраў Польшчы напісаў у твітары:

“Выбачаюся ад імя Рэчы Паспалітай”.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў тое, што зрабілася, “дурнотаю, а не некампэтэнтнасьцю”.

У прэсе зьявіўся адкрыты ліст айцоў-заснавальнікаў “Салідарнасьці”, у якім Лех Валэнса, Уладыслаў Фрасынюк, Зьбігнеў Буяк, Багдан ЛісТадэвуш Ядынак і Зьбігнеў Янас заявілі:

“Мы не дазволім, каб краіна паўстаньняў і падпольнага супраціву, краіна дэмакратычнай апазыцыі і “Салідарнасьці”, праз невуцтва дзяржаўнага органу спрыяла таму, каб у вязьніцу кідалі людзей, якія змагаюцца за свабоду”.

Яны запатрабавалі ад польскага прэм’ер-міністра захадаў у маім вызваленьні, падсумаваўшы:

“Бяляцкі стаўся вязьнем сумленьня польскага ўраду”.

Мусіў апраўдвацца і генеральны пракурор Анджэй Сэрэмэт, заявіўшы на прэс-канферэнцыі, што яму “па-чалавечы вельмі прыкра за тое, што здарылася”. У выніку неадкладнага службовага разьследваньня з генпракуратуры Польшчы былі звольненыя кіраўнік Дэпартамэнту міжнароднага супрацоўніцтва і ягоная намесьніца.

Праз тыдзень пасьля арышту “Amnesty International” прызнала мяне вязьнем сумленьня.

У Беларусі таксама адразу распачалася кампанія падтрымкі і салідарнасьці. Па ініцыятыве маіх калег у многіх гарадах былі заяўленыя пікеты з патрабаваньнем майго вызваленьня. Пачаўся збор хадайніцтваў аб вызваленьні з-пад варты. Усяго больш за тысячу такіх прозьбаў было перададзена ў пракуратуру.

salidarnast_z_bialiackim.jpg
Праваабаронцы праводзяць акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім каля Валадаркі. Фота Радыё Свабода

Найбольш запамінальнае і сімвалічнае зь іх было хадайніцтва ад аднаго з аўтараў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека Стэфана Эсэля. Атрымаць яго дапамаглі мае сябры па Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, у якой я быў віцэ-прэзідэнтам.

Я не ўяўляў памераў гэтай агульнай кампаніі за вызваленьне. Іншыя праблемы турбавалі мяне ў турме.

Беларускія ўлады не чакалі такой адмоўнай і вострай рэакцыі Захаду. Нейкі праваабаронца, якога яны выдавалі грамадзтву за дробнага злодзея, стаў паўсядзённым нудным зубным болем, які ім даводзілася трываць.

“Саўбелка” ж, верная адбельвацельніца рэжыму, з першых дзён майго арышту займалася актыўнай дыскрыдытацыяй. Чаго там толькі не пісалася ў гэтай справе: “В стремлении лично “освоить” западные гранты Алесь Беляцкий нарушил все законы: и моральные, и юридические”,  “господин Беляцкий свою истинную деятельность пытался прикрыть благообразной вывеской якобы нейтральной общественной организации”, і гэтак далей.  

У гэты час адбыліся яшчэ дзьве значныя падзеі. 12 жніўня мне ўрэшце прад'явілі абвінавачаньне за “ўтойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры” – артыкул 243 частка 2 Крымінальнага кодэксу. Тыдзень з дня арышту цягнулі. І дзесьці ў маёй сьвядомасьці існавала далёка схаванае чаканьне, што адпусьцяць пад падпіску, ці асьцерагуцца адмоўных наступстваў і адступяць. Але ж – не. Кволая надзея была лёгка адкінутая і забытая. Стала ясна, што без суда не абыйдзецца.

“Так, дык так”, – унутрана пагадзіўся я.

У першай паштоўцы з турмы да Насты Лойкі я пісаў з гэтай нагоды:

“Сёньня мяне з падазраваных зрабілі абвінавачаным. Эмоцыяў гэта ніякіх не выклікала, бо я быў да гэтага гатовы”.

Так супала, што ў гэты ж дзень ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць чатырох беларускіх дзяржаўных хімічных прадпрыемстваў: “Белшыны”, “Гродна Азоту”, “Гродна Хімвалакна” і “Нафтану”. Прагучаў чарговы трывожны званочак для беларускіх уладаў, сур’ёзьнейшы за палітычныя санкцыі, якія былі ўведзеныя напачатку 2011 года.

Адбылося, здавалася, немагчымае. Яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто ня верыў, што Еўразьвяз і ЗША уключаць эканамічныя механізмы супраць лукашэнкаўскага рэжыму. Але гэта здарылася! Калі стала зразумелым, што дыпламатычныя і палітычныя шляхі не прыводзяць да вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі, мы паўсюль пачалі голасна казаць пра эканамічныя санкцыі, як апошні сродак ціску на беларускі рэжым.

У чэрвені 2011 году ўпершыню эканамічныя санкцыі супраць некалькіх набліжаных бізнэсмэнаў, як іх называлі – “кашалькоў” Лукашэнкі, ды іхніх фірмаў увёў Еўразьвяз, а вось зараз падключыліся і ЗША. Можа быць, нашая актыўнасьць у абароне палітычных вязьняў пасьля Плошчы-2010 і падштурхнула ўлады для таго, каб праз мой арышт асадзіць беларускіх праваабаронцаў. Але вынікі арышту атрымаліся адваротнымі.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XVII. НАГРЭТАЯ ШКОНКА

Спаў я на сярэдняй з трох шконак, на “пальме”. Пада мной разьмяшчаўся генерал Паўлавіч. Валодзя займаў ніжнія нары, бліжэй да вакна. Вася, дырэктар мясакамбінату – ніжнюю, бліжэй да “тармазоў”. Іншыя “пасажыры”, якіх то дадавалі ў нашую хату, то прыбіралі кудысь, папераменна займалі іншыя вольныя шконкі.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства