Навіны за 16 красавіка 2008
Чарговая “прафілактыка” гарадзенскіх спецслужбоўцаў
Дзьве гадзіны пратрымалі ў Гарадзенскім КДБ 16 красавіка моладзевую актывістку Хрысьціну Марчук. На пачатку размовы супрацоўнікі КДБ катэгарычна адмовіліся назваць свае прозьвішчы і пасады, на што дзяўчына адказала, што не будзе ў такім разе даваць аніякіх афіцыйных тлумачэньняў.
Кожны робіць сваю справу
Як вядома, на розных акцыях акрамя незалежных журналістаў, якім дарэчы дастаткова часта забараняюць альбо перашкаджаюць выконваць свой прафесійны абавязак, прысутнічаюць, так бы мовіць, "залежныя журналісты" у цывільным, якія здымаюць на відэа ўсіх і ўсё, што адбываецца. Пазьней на падставе гэтых відэастужак узбуджаюцца крымінальныя справы, а ўдзельнікаў акцыяў вінавацяць у злачынствах і правапарушэньнях. Менавіта відэастужкі мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня, зробленыя міліцыянтамі і супрацоўнікамі сьпецслужбаў, зьяўляюцца асноўнымі доказамі ў "Працэсе 14-ці". Вось і сёньня ў будынку суду і каля яго вялася аператыўная відэаздымка.
Агульнанацыянальная дыктоўка працягваецца
15 сакавіка ў Беларусі стартавала грамадзкая ініцыятыва “Беларуская дыктоўка”. Родная мова – гэта падмурак, на якім будуецца нацыя, яе культура, яе жыцьцё. Кожная мова – унікальная цывілізацыйная зьява, вартая жацьця, разьвіцьця, захаваньня. Менавіта такія працэсы адбываюцца у еўрапейскай культурнай прасторы. 16 красавіка дыктоўку праводзілі маці палітзьняволеных - Галіна Сіўчык і Тацяна Кім каля будынку Цэнтральнага райсуду сталіцы. 17 красавіка ў 17.00 у бібліятэцы касьцёла сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) яе будуць пісаць сябры клуба “Спадчына”.
КДБ працягвае ціск на дэмакратычную моладзь
Моладзевая актывістка з Гародні Хрысьціна Марчук сёньня, 16 красавіка, выкліканая ва Упраўленьне КДБ па Гарадзенскай вобласьці. У позве, якую прынесьлі на філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, не было пазначана, у якасьці каго выклікаецца студэнтка ў гэтую дзяржаўную ўстанову. Позву ёй перадаў дэкан факультэту. З трох гадзін дня дзяўчына знаходзіцца ў КДБ.
Гродзенцы выступілі супраць русіфікацыі мясцовага тэлебачання
Рада Гродзенскай гарадской суполкі партыі БНФ прыняла рашэнне звярнуцца да кіраўніцтва Гродзенскага тэлерадыёаб’яднання і аблвыканкама з заявай аб недапушчальнасці русіфікацыі тэлебачання і радыё.
Барыса Хамайду ізноў аштрафавалі за распаўсюд незалежнай прэсы
Віцебскі апазыцыянэр атрымаў па пошце копію пастановы адміністрацыйнай камісіі Чыгуначнага раёну, якая пакарала яго штрафам ў памеры 5 базавых велічынь (175 тысяч рублёў) за гандаль у неналежным месцы.
Абласны суд пакінуў бяз зьменаў пакараньне, вынесенае віцебскім актывісткам
Сёньня Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі мясцовых дэмакратычных актывістак Антаніны Піванос і Алены Залескай на рашэньне суду Чыгуначнага раёна Віцебска, які пакараў жанчын штрафамі за ўдзел у сьвяткаваньні 90-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
"Народнай Волі" адмовілі ў акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў
Намесніца рэдактара «Народнай волі» Марына Коктыш сёння накіравала скаргу старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Вадзіму Папову ў звязку з адмовай у акрэдытацыі пры гэтай структуры.
Журналістцы «шыюць» удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве
Гомельскую журналістку, сябру БАЖ Таццяну Бублікаву абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пра гэта гаворыцца ў пратаколе, які журналістцы паказалі падчас чарговага выкліку ў міліцыю. Нагодай стала прысутнасць журналісткі на экскурсіі, зладжанай 23 сакавіка ў Гомелі грамадскімі актывістамі з нагоды 90-х угодкаў БНР.
Рада Эўропы заклікае да санкцый супраць Беларусі
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. У галасаваньні ўдзельнічала 69 дэлегатаў. За рэзалюцыю выказаліся 56 удзельнікаў галасаваньня, 11 чалавек прагаласавалі супраць і 2 чалавекі ўстрымаліся.
Арыштаваны Анатоль Удавічэнка абскардзіў пастанову суду
Сёньня адвакат незалежнага барысаўскага журналіста Анатоля Удавічэнкі падаў скаргу на вынесены яму Першамайскім судом сталіцы 15 красавіка прысуд, згодна з якім ён быў прызнаны віноўным у правапарушэньні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ, і арыштаваны на 14 сутак.
Незалежным прафсаюзам у 10 разоў падвысілі арэндную плату
З красавіка 2008 году ўступаюць у сілу зьмены ва Ўказ прэзыдэнта №495, згодна зь якімі стаўка арэнднай платы для грамадзкіх арганізацыяў падвышаецца ў 10 разоў. Кіраўніцтва Беларускага незалежнага прафсаюзу зьвярнулася ў Рэспубліканскую камісію па ўпарадкаваньні выкарыстаньня адміністрацыйных будынкаў, у Генэральную пракуратуру, Міністэртства працы з патрабаваньнем абараніць арганізацыі ад дыскрымінацыі.
У Менску ідзе суд па “Працэсу 14-ці” (аднаўляецца)
У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы судзьдзя Алена Ільіна разглядае крымінальную справу па па ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак ", па якой праходзяць 14 моладзевых актывістаў. Сёньня на лаве падсудных 10 чалавек: Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімер Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Тацяна Цішкевіч. Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўнагадовага Максіма Дашука будуць судзіць пазьней, бо яны несвоечасова азнаёмілася з матэрыяламі справы. Андрэй Кім абвінавачваецца адразу па двух крымінальных артыкулах за дзьве акцыі прадпрымальнікаў - 10 і 21 студзеня.









