Навіны за 14 сакавіка 2008
Барыса Хамайду з міліцыі адпусьцілі пасьля складаньня пратаколу
Віцебскі актывіст-праваабаронца Барыс Хамайда ізноў патрапіў у поле зроку мясцовых міліцыянтаў. На гэты раз ён быў затрыманы сёньня ў цэнтры Віцебску, дзе на звычайным месцы гандляваў прэсай. Аднак, як паведаміў праваабаронцам затрыманы, міліцэйскі патруль цікавіла не столькі прэса – яны шукалі нацыянальныя беларускія сьцягі.
Пастара абавязалі разбурыць свой дом
Пастар пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” атрымаў прадпісаньне з адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску разбурыць свой прыватны дом на вуліцы Рэпіна. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Зьміцер Навіцкі спасылаецца на тое, што дом выкарыстоўваецца не паводле прызначэньня, і рэканструкцыя будынку зроблена без дазволу. Вячаслаў Ганчарэнка лічыць, што прэтэнзіі спадара Навіцкага ёсьць супадзеньнем уласных інтарэсаў чыноўніка-бізнэсоўца з палітыкай уладаў у дачыненьні царквы.
Палітвязьню Сяргею Парсюкевічу афіцыйна прад’яўлена абвінавачаньне
Лідэру віцебскіх прадпрымальнікаў палітвязьню Сяргею Парсюкевічу пракуратура прад’явіла афіцыйнае абвінавачаньне па артыкуле 364 (“гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.









